Header Image
Галоўная
Посткалядызм Друк

 Некалькі тыдняў таму ў Гомелі ладзіўся конкурс беларускай каляднай песні “Каляда, калядзіца, добрая маладзіца!” ў філіяле Веткаўскага музея народнай творчасці. Паміж сабой супернічалі выканаўцы і калектывы розных сярэдніх агульнаадукацыйных школ Гомеля.

Ад святочнага каляднага духу, што панаваў у філіяле, ды ад дзіцячых усмешак сыходзіла хваля пазітыву, аднак напрыканцы конкурсу стала прыкра. Хацелася плакаць і біць у набат: “Людзі, што ж вы робіце з беларускай культурай?”.

Хто адказны за такую сітуацыю? Дакладна не тое маленькае дзяўчо, што выходзіць і зацягвае на конкурсе беларускай (!) песні рускамоўнае “Рождество-о, Рождество-о”, з цяжкасцю нават вымаўляючы літару “р”. І не старэйшая за яе ўдзельніца, якая, ігнаруючы патрабаванні арганізатараў, датычныя аўтэнтычнасці, пяе песняроўскія “Калядачкі, бліны-ладачкі” пад фанаграму “мінус адзін”. Склалася ўражанне, што большасць кіраўнікоў проста пакінулі без увагі патрабаванні: галоўнае, што тэма песень супадае з тэмай конкурсу.

Давялося ў той дзень пачуць меркаванне: “Дзеці тут ні пры чым. Вінаватыя іх кіраўнікі”. Сапраўды, менавіта яны фармуюць праграму сваім выканаўцам. Але ці не абмяжоўвае іх кругагляд эстэтычнае пераасэнсаванне народнай творчасці, якое не першы год пануе на гарадскіх ды нават рэспубліканскіх сцэнах? Там трывала ўсталявалася тая ж безгустоўнасць і суцэльны “посткалядызм”.

Гэта не культуралагічнае даследаванне. Слова “посткалядызм” прыйшло на думку не толькі пасля конкурсу, а ў выніку шматгадовага назірання за сучаснымі інтэрпрэтацыямі народнай творчасці ва ўсёй іх бурлескна-абсурднай і недарэчна-кітчавай праяве. Гэта тое, што чалавек з хоць нейкімі зародкамі густу зможа адрозніць ад сапраўднага мастацтва. Але, зноў жа, калі будзе бачыць навокал і станоўчыя прыклады.

Гэткія прыклады былі і на конкурсе. Узяць хаця б калектыў “Этнашкола  “Традыцыя” (САШ № 30), які, дарэчы, і ўзяў дыплом I ступені. Яго ўдзельнікі – адзіныя, хто паказаў нешта чыстае, сапраўднае і, разам з тым, глядзеўся гарманічна і натуральна.

За намаганні адраджаць гэтае сапраўднае хочацца выказаць падзяку і Веткаўскаму музею, і, чаго ўжо там саромецца, сябрам ГМКГА “Талака”. Хацелася б верыць, што гэта не памылкова – прышчапляць традыцыйную народную культуру гораду, які ўсёй сваёй існасцю мусіць ёй супярэчыць, выціскаць яе. Калі-небудзь, мабыць, знойдуцца ахвотнікі паехаць жыць на вёску, каб там адраджаць усё ўшчэнт разбуранае з нуля. А пакуль уцешна назіраць ужо тое, што нават у горадзе аўтэнтыка запатрабаваная, а не кансервуецца ў музейных сценах.

Шкада толькі, што гэта мала каму патрэбна. Здзіўляе не тое, што мы губляем карані, а тое, наколькі мэтанакіравана гэта робім. У сувязі з гэтым хацелася б папярэдзіць яшчэ адну крайнасць: можна ездзіць па вёсках і пераконваць тамтэйшых жыхароў, што Каляды некалі святкаваліся з 25 на 26 снежня, з усёй вышыні свайго навуковага палёту даводзіць ім, што гэта больш правільна, чым у які іншы дзень, але… не варта губляць за гэтым нечага больш сутнаснага, больш важнага. Бо ўсе мы ўжо ўступілі, воляй ці няволяй, у эпоху посткалядызму...


Аўтар: Валянціна Міронава

Фатаздымкі: Яўген Якавенка, Ірына Глушэц

 

Каментарыi  

 
0 #8 Marysia_ 2012-02-08 13:25 так. У той жа самы час: ні ты ні нехта іншы НЕ ПАЕХАЎ бы у Міхалькі 13 толькі таму,што адчынілі б менавіта ў гэты дзень. А ехаць ў іншую вёску была прапанова не з мэтай некага пераканаць, а з мэтай пад "шумок" замалявацца самім і пазнаёміцца з кіраўніком(неаб ыякавым) іхніх калектываў. Тлумачыць прычыну нашага прыезда(каляды на сонцазварот)-гэта ўсяго ткі спроба настроіць народ на тое,што мы збіраемся калядаваць у іх па хатах.Такім чынам прыярытэты іншыя, прынамсі не такія,якімі ўспрымаеш іх ты. Цытаваць
 
 
0 #7 Аўтар 2012-02-01 15:59 Ды не заклікаю я калядаваць 7-га. Гэта я як прыклад прывяла. Я заклікаю толькі да аднаго: не ўдавацца ў крайнасці. Раней, пры абмеркаванні ехаць у вёску (не ў Міхалькі, там іншая была нейкая) гэта казала, і зараз кажу. Не постфактум, ты ведала і раней маё меркаванне. Узнаўляць традыцыя з нуля толькі тады, калі яны цалкам знішчаны (тое ж Купалле. Ды і тыя ж Міхалькі: ты ж сама казала, што калі б 13-га, то адчынялі б. Значыць, ёсць пэўная традыцыя, якой людзі прытрымліваюцца . Цытаваць
 
 
0 #6 Marysia_ 2012-02-01 10:03 Акрамя таго,калі ты маеш нешта прапанаваць лепшае на тваю думку,чаму гэта не робіш у свой час, а толькі крытыкуеш постфактум.Калі я правільна зразумела тваю ідэю наконт 7.01-то трэба было вынесці яе на агульны разгляд.Тым больш, я штораз запытваю,ці ёсць іншыя прапановы.Я не лічу за лепшае ствараць новую традыцыю калядавання на праваслаўнае свята,якое да паганскіх калядаў мае ўскоснае дачыненне,але, калі тваё меркаванне не з'яўляецца такім жа адзінкавым,як і маё:) і яно будзе падтрымана бальшынёй талакоўцаў, я гатова паступіцца сваім меркаваннем. Цытаваць
 
 
0 #5 Marysia_ 2012-02-01 10:02 Дзякуй Богу,што яны там яшчэ шчадруюць, калі б была такая мажлівасць-я б паўдзельнічала. Мы таксама шчадруем 14. А У Міхальках, куды мы ездзілі, ўжо даўно не шчадруюць і ,пагатоў, не калядуюць. Ражджаство-гэта праваслаўнае свята(7.01),якое мае сваю царкоўную абраднасць. Ты лічыш лепшым ў гэты дзень шчадваваць?Адна справа падтрымліваць тое,што яшчэ жыве, іншая- ствараць новае.Ты сама выдатна разумееш,што ў свой час усе каляндарныя святкаванні былі ссунуты са свайго месца на 14+3 дні. Купалле таксама афіцыйна святкуецца 7. Чаму гэты факт не выклікае ў цябе абурэння? Цытаваць
 
 
0 #4 Аўтар 2012-02-01 08:15 А хіба не было такой ідэі: паехаць у адну з вёсак і даводзіць людзям, што шчадраваць трэба не 13, як яны прызвычаіліся, а 25-га? Марыся, а ты паспрабуй паехаць у Пецевы Сіманічы, дзе калядуюць 7-га, і распавесці ім пра сонцазварот. Што там табе скажуць? Цытаваць
 
 
0 #3 Marysia_ 2012-01-30 20:58 Пра лубок я таксама не зразумела. Але зразумела у чый агарод камень аўтора пра 25-26 снежня. Ніхто нікога не імкнецца пераканаць у тым,што Каляды святкуюцца 25, бо гэта не так "з усёй вышыні навуковага палёту". Яны святкаваліся ў дні зімовага сонцазвароту. А іншых дзён я ня ведаю: ёсць Новы год 1 студзеня, ёсць Ражджаство 7 студзеня, ёсць Стары новы год альбо Шчодрыкі 14 студзеня. Я не бачу варыянтаў для Калядак, якія б пакінулі нам царква і свецкі каляндар. І калі аўтар бачыць гэтыя варыянты , мне б хацелася ад яго пачуць іх . Цытаваць
 
 
0 #2 Яўген Якавенка 2012-01-29 00:19 растлумачце, што такео "безумный лубок"… нешта ў мяне зсуім кепска з расейскай… Цытаваць
 
 
0 #1 sunshine.by 2012-01-25 18:16 Одно дело - стремится к сохранению. традиций, трудое - насаждать безумный лубок Цытаваць
 

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Папяр.   Наст. »